Нябачаны раней заморскі цуд - змяіны агурок (па-навуковаму "трыхазант змеепадобны") - вырас на дачным участку Аліцыі Трафімовіч у Ліпніках (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць).
Жанчына даўно цікавіцца рознымі экзатычнымі гароднінай і садавіной. На яе агародзе чаго толькі няма!
Насеннем гэтай расліны падзялілася з ёй знаёмая. Вясной яго высадзіла, а ўлетку заўважыла, што на зямлі трыхазанту не вельмі камфортна, ён стаў падбірацца бліжэй да яблыні, і тут яму ўжо было дзе разгуляцца.
Аказалася, што змяіны агурок родам з М’янмы і адносіцца да сямейства ліян. Трыхазант Аліцыі Нікадзімаўны вырас даўжынёй 1 метр. Але гэта не мяжа.
На лецішчы Аліцыі Трафімовіч вырас вось такі вялізны агурок. Фота: "Пастаўскі край"
Здзівіў ураджай і пастаўчанкі Раісы Мацур.
На яе прысядзібнай дзялянцы нечакана-негадана вырас велізарны кабачок вагой каля 9 кілаграмаў.
40 гадоў Раіса Вітальеўна адпрацавала медсястрой, цяпер на заслужаным адпачынку. Сёлета адзначыла 70-гадовы юбілей. Увесь вольны час праводзіць на градках.
Участак невялікі, але нарыхтовак з яго хапае ўсім - сабе і дзецям з унукамі.
- Сёлета я не сеяла кабачкоў, - дзялілася гаспадыня. - Таму было дзіўна ўдвая, калі ён вырас настолькі вялікім. Ужо прыкідваю, колькі ікры з яго атрымаецца.
На дзялянцы Раісы Мацур велізарны кабачок вагой каля 9 кілаграмаў. Фота: "Пастаўскі край"
Наталля Налей